01 марта, 2014

Каціная душа беларускіх зорак

Невыпадкова Міжнародны дзень котак прыпадае на 1 сакавіка – душа проста муркоча праз надыход вясны, хочацца доўгіх шпацыраў – сам насам як котка ці, наадварот, дзяліцца любоўю і цеплынёй з блізкімі.

Сёння валанцёры дабрачыннай арганізацыі “ЗААшанец” хочуць нагадаць аб тысячах бяздомных жывёлаў. Прыглядзіцеся, магчыма, нехта з іх – вашая роднасная душа. Бо кожны з нас – трошачкі кот ці  котка. І пацвярджаюць гэта зоркі беларускага шоў-бізнэса, якія пазнаёміліся з гадаванцамі арганізацыі і даверылі сваю каціную душу фатографу Ядвізе Адамчык.



Музыка і шоў-мэн Дзядзя Ваня, хоць і нарадзіўся ў ліпені, лічыць сябе сапраўдным сакавіцкім катом. А гэта можа азначаць і брутальнага кацяру, і ласкавае кацяня.



“З коткамі ў мяне шмат агульнага!”, запэўнівае мадэль, спявачка і мастачка Ганна Гоманава і пералічвае перавагі сваёй кашэчай натуры: “Высокі інтэлект, любоў да свабоды, адказнасць за нашчадкаў, пластыка, не паддаюся дрэсіроўцы, здабытчыца”. Па словах Ганны, ейны сябар дзяцінства кот Мурзік таксама быў такі: дзёрзкі, наравісты, схільны да начнога ладу жыцця.


Каларытны мужчына і вядомы саксафаніст Павал Аракелян лічыць сябе сапраўдным катэ, а сапраўдны катэ, па ягоных словах, незалежна ад сацыяльнага статусу ў кашэчым свеце, заўсёды гатовы паганяць балду.
Дарэчы, зусім нядаўна Павал узяў сабе ачаравальнага катэ з прытулку “ЗААшанца”.



Легендарны беларускі рокер Лявон Вольскі падзяляе кашэчую любоў да цеплыні – як фізічнай, так і духоўнай, а таксама да разумнай ляноты: “Навошта рабіць лішнія рухі, калі можна абыйсціся без гэтага?”.
“Ну, і натуральна, незалежнасць”, - дадае Лявон яшчэ адну агульную рысу.



Галоўны рэдактар часопісу “Pingouin” Ірына Кабасакал проста абажае каціны масаж: калі любімы кот будзіць яе сваімі мяккімі лапкамі, а сама яна падобная на котку у сваёй любові да сну.



Лідар гурта No Comment Band Aлег Лімон, як кот, жыве па начох, а днём спіць. А яшчэ, нават калі галодны, застаецца добрым.



Нешта агульнае ёсць і паміж нажніцамі мадэльера і кашэчымі кіпцюрчыкамі – непрадказальнасць вынікаў узаемадзеяння з тканінай. Вядомы беларускі дызайнер Іван Айплатаў адзначае прыгажосць, грацыю і стыль кожнай котамадэлі. 



Ня дзіва, што модны фатограф Ядвіга Адамчык ужо не першы год ладзіць фотасэты для жывёлаў з прытулку: яна ж не толькі кашатніца, але і сама – жанчына-котка: “Люблю сонейка і пяшчоту, а яшчэ лепей – песціцца на сонейку”.


Усе каты і коткі, якія ўзялі ўдзел у фотасэсіі, знаходзяцца пад апекай валанцёраў “ЗААшанцу”: кагосці знайшлі на вуліцы, кагосці ўратавалі ад смерці, а чыёсьці кацінае сардэчка адагрэлі пасля здрады недарэчных гаспадароў.

Прыглядзіцеся да жывёлаў! Магчыма, паміж вамі шмат больш агульнага, чым вы думалі!

Дабрачыннае грамадзкае аб’яднанне дапамогі бяздомным жывёлам «ЗААшанец» - zooshans.by

Спіс зааабарончых арганізацый і ініцыятыў.

Падрыхтавала Дар'я Слабчанка 


Вы можаце высылаць нам на mestopodsol@gmail.com цікава аформленыя гісторыі жывёлаў вашага прытулку і мы з радасцю змесцім іх у блогу.

Комментариев нет:

Отправить комментарий