15 сентября, 2014

Радасць для бацькоў і дзяцей: досвед маладой мамы, дзяцей і коткі Кавы

Пра свой вопыт узаемадзеяння з жывёламі і радасць ад знаходжання ў кватэры хатняга гадаванца распавядае маладая маці Наста.


Усё дзяцінства ў маёй сям’і былі жывёлы: сабака Граф, пароды колі, котка, якую мы падабралі ў двары. Гісторыя з'яўлення небаракі на вуліцы даволі банальная і шырока распаўсюджаная для нашай краіны: хтосьці вынес картонную скрынку з трыма кацяняткамі ды кінуў пад пад'ездам. Спачатку мы, яшчэ малыя дзеці, гадавалі іх ўсім дваром, нават да ветэрынара вадзілі на грошы, якія выпрасілі ў бацькоў на марожанае. А аднойчы, падчас моцнай навальніцы, бацькі паддаліся на нашыя маленні (мае і сястры) забраць кацянятак з вуліцы і пасяліць у нас на гаўбцы. Пазней дваім малым знайшлі новых гаспадароў, а адзін так і застаўся жыць з намі. Такога кшталту гісторыі здараліся са мной даволі часта: шмат хто са знаёмых ці суседзяў быў адораны мной якім-небудзь падабраным коцікам ці сабачкам, і трэба заўважыць, што ніхто з іх не пашкадаваў, што ў іх доме з'явіўся нечаканы гадаванец.


Потым, калі не стала коткі, у нас жылі марскія свінкі, дрэсіраваны пацук, які жыў не ў клетцы, а проста у кватэры, бо быў вельмі разумны, некалькі мышак, папугай, чарапаха і рыбкі. Не ўсе адначасова, канечне, але напрацягу майго жыцця з бацькамі хто-небудзь абавязкова разбаўляў і забаўляў наша чалавечае існаванне.

І, безумоўна, калі  ў мяне з’явіліся свае дзеткі, я ні хвіліны не сумнявалася, што яны павінны расці разам з хатнімі жывёлкамі. Бо вялікая частка маіх самых яскравых і цёплых ўспамінаў з дзяцінства звязаная з імі. Але складанасць заключалася ў тым, што жытло мы здымаем, а знайсці кватэру, калі ў цябе ёсць хвастаты гадаванец ўдвая цяжэй (нават наяўнасць малога дзіцёнка для некаторых уладальнікаў бачыцца праблемай). Але выйсце заўсёды ёсць. І пакуль падрастала наша старэйшая дачушка, у нас перыядычна з’яўляліся жывёлы ў кватэры: то на ператрымку бралі шчанюкоў, то ў бацькоў на перавыхаванне бралі аўчарку. Але свайго ўласнага пухнатага члена сям’і не было, а вельмі хацелася.



Пасля нарадзілася малодшая дачка, а калі малышцы споўніўся месяц, яна моцна захварэла на пнеўманію. Гэта выклікала напружанне і стому ў сямейнай атмасферы: я хвалявалася за здароўе малышкі, старэйшая дачка Міра адчувала рэўнасць, бо гэта непазбежна пры з’яўленні другога дзіцяці, ды яшчэ я знікла на 2 тыдні ў лякарню, а яе выслалі да бабулі. Так што, аднойчы, вярнуўшыся з працы, муж неяк нечакана заявіў, што нам усім неабходна, каб у нас зьявіўся ўлюбёнец, які будзе ўсіх нас аб’ядноўваць і весяліць. Кватэрнае пытанне, канечне, не знялося: людзі як не хацелі бачыць у сваіх кватэрах шчаслівыя поўныя сем’і з жывёлкамі і дзеткамі, так і зараз гэтага не хочуць. Але мы падумалі, што і самі не жадаем здымаць кватэру ў людзей з такой філасофіяй і будзем шукаць адэкватных і дабразычлівых гаспадароў.

Так у нас з'явілася котка, маленькі любімы камячок. Цяпер мы былі не ўсе паасобку са сваімі праблемамі, а адчулі сябе адной камандай, і ў гэтым нам дапамагла яна, якую мы, і дарослыя, і малыя, мусілі аберагаць і песціць. 








Котка жыве ў нас ужо паўтары гады. Наша старэйшая дачка Міра ледзь не праз дзень дзячыць мне за тое, што мы завялі такую добрую кампаньёнку. А першае слова малодшай дачкі Рады, як гэта не забаўна можа прагучаць, было "Кава" - так клічуць нашу прыгажуньку-котку. Ніводнай хвіліны я не пашкадавала, што мы завялі гэты цуд.



Наста Чарнова

Чытайце таксама:
Дети и животные
Откровения одного волонтера


Дасылайце свае гісторыі на mestopodsol@gmail.com і мы іх з радасцю апублікуем. 






Комментариев нет:

Отправить комментарий