11 ноября, 2014

Кот як код: кот можа шмат сказаць пра чалавека

У вёсцы кот быў трэба, каб ратаваць прадукты ад мышэй. У горадзе мышэй няма. Гарадскі кот — стваральнік утульнасьці, камфорту. Кот тут часам замяняе чалавека. Ён проста член сям’і.


Унутраны кот


Адзін час інтэрнэт-прастору запоўніў мем на гэту тэму: «Беражы свайго ўнутранага ката», г.зн. унутраную сутнасць, сапраўдную, жывую, непасрэдную, не задушаную нормамі і правіламі.

Псіхолагі мяркуюць, што такое ўспрыманне ката абапіраецца на тое, што чалавек бачыць у ім тыя якасці, якія старанна хавае ў сабе, але якія застаюцца прывабнымі: пяшчоту, ляноту, незалежнасць, свабоду, сваволю. Яго проста любяць — ні за што — і ўсё даруюць. Хто б так не хацеў?
Кот застаецца для нас ідэалам існавання ва ўласным рытме, а не падпарадкавання складанаму механізму сучаснага жыцця. Дый не толькі ў гарадах, але і ў вёсцы часта кот — адзіны верны спадарожнік пакінутых дажываць свой век бабуль.


Каціны бог і сабачы бог

Некаторыя з сучасных «каціных» трэндаў выраслі з міфалагічных уяўленняў пра ката. У легендах беларусаў кот створаны Творцам нават перш за чалавека, які і патрэбен быў, бо «ніхто яго (ката) не паласкае, ніхто яго не пакорміць».
Ласкавы характар ката і яго ўтульнае вуркатанне ў процістаўленні сабаку выйгралі для ката ў традыцыйным сялянскім побыце выгаднае становішча. Нібыта Бог вызначыў сабаку за яго гучнае гаўканне «пад сталом ляжаць», а кату — «на куце».

У беларусаў вядомы і варыянт легенды пра паходжанне ката з чалавека: гэты той цікаўны, што падштурхоўваў сябра, якому Бог даручыў аднесці ў моры мяшок з вужамі, мухамі і мышамі. Празмерна цікаўных Бог ператварыў у бусла і ката, аднаму збіраць вужоў, іншаму — мышэй.

У вуркатанні ката, казалі на Лідчыне, чуліся малітвы — «кот пацеры гаворыць», толькі вось моліцца ён «па-жыдоўску».

Паказальныя паведамленні пра з’яўленне катоў у момант найвышэйшага напружання пры сустрэчы светаў — падчас трапляння душы на суд да Усявышняга.
У Клімавіцкім раёне запісаная легенда, паводле якой перш за Бога душу чалавека сустрэнуць «каціны бог» і «сабачы бог», якія прапускаюць душу чалавека да брамы раю. Таму біць катоў і сабак няможна.

Паводле іншай легенды, менавіта кот захаваў жытні каласок падчас патопу: «Стаў лапачкаю і захаваў гэтае зярно, і адсюль пайшоў хлеб».


Кот як дзіця

Аднак у традыцыйнай культуры беларусаў ёсць сфера, у якой чалавек і кот не проста датыкаюцца, а практычна зліваюцца. Уяўленні і звычаі сферы народнай педыятрыі паказваюць на злучанасць немаўляці (яшчэ да яго нараджэння) і ката ў адзінае цэлае: яны атаясамліваюцца на падставе іх падкрэслена межавага становішча паміж дзікім і асвоеным светам. Яны, з аднаго боку, адарваныя ад прыроды, з іншага — не ўмеюць гаварыць, толькі «мяўкаюць», не ўмеюць рэгуляваць фізіялагічныя патрэбы і г.д.
Такая сувязь лагічная, бо катоў трымалі ў кожнай сялянскай хаце, гэта была першая жывёла, з якой знаёмілася дзіця. Менавіта кот — найбольш часты і любімы персанаж калыханак, забаўлянак і дзіцячага фальклору ў цэлым.


Нават само паняцце калыханкі ў беларусаў перадавалася праз вобраз ката — спяваць ката. «Коцікі абодва, — спявалася, — шары-белы абодва, палягалі абодва, спатанькі абодва».
Так, пад успамін пра сонных коцікаў, засынала і дзіця.


Каціны век

З катом атаясамліваўся і стары чалавек. «Каціным векам» называлі на Лепельшчыне апошнія дзесяць-дваццаць гадоў жыцця старога: «Вось жыве чалавек, і вы, дапусцім, свае гады —росквіт, ні заботы, нічога. А тады жаніўся ці замуж — конскі век жыве, упрогся і цягне воз. Калі ж дзеці падрэслі, нада ім хаты будаваць, жыве каровін век, пачынаюць яго даіць. Сабачы век, гэта ўжо на семдзесят гадоў ён стаў жыць, ужо дзеці забіраюць дабро іх старажыць да сябе. А калі 90 ды 100 — гэта ўжо каціны век. Вось мы і шкадуем ката, і носім. А хто пажалее, а хто і каршня дасць. Так і старому».


Паводле народных уяўленняў, у вобразе ката часам з’яўлялася душа памерлага чалавека. Адбывалася гэта, бо ката суадносілі з хатнім духам.


Галаўнейшы за гаспадароў

Ката клалі ў калыску перш, чым пакласці туды дзіця. Ката таксама першым пускалі ў хату і нават у дамавіну. Менавіта кот неаднаразова згадваецца як будаўнічая ахвяра, а звычай першым пускаць ката ў новую кватэру жывы і па сёння нават у Мінску.
У народнай традыцыі кот і чалавек узаемна перасякаюцца ў адрэзках жыццёвага цыклу — маленстве і старасці, г.зн. тых этапах, дзе светы яшчэ ці ўжо не разведзеныя катэгарычна.
Статус ката ў гарадской хаце ўздымаецца над статусам гаспадароў, як у тым анекдоце пра ката і сабаку, дзе кот прыходзіць да высновы: «Мусіць, я бог».


Аўтар Таццяна Валодзіна
Крыніца 

Комментариев нет:

Отправить комментарий