29 ноября, 2015

Вусаты нянь

Нараджэнне дзіцяці - не нагода аддаваць ката знаёмым, альбо перасяляць яго ў іншы пакой. Гэты артыкул -- рэальная гісторыя пра тое, як можна жыць усім разам. І не толькі жыць разам, але і атрымліваць ад гэтага задавальненне. Бо кот часам можа адыгрываць нават ролю няні. Дзесяць хвілінаў гульняў дзіцяці і ката -- дзесяць хвілінаў адпачынку для маці. У каго маленькія дзеці, той зразумее, што гэта ня так ужо і мала.


Майму сыну -- год і тры месяцы. Кату - больш за пяць. Дакладна я не ведаю, паколькі жывёлу мы падабралі з вуліцы ўжо дарослым. Ветэрынар на той момант казаў, што кату прыкладна два з паловай гады. Кот, якога мы назвалі Юзік, жыве ў нас ужо тры гады.


Нараджэнне дзіцяці мы чакалі, як усе: радаваліся, хадзілі ў паліклініку і на розныя курсы, чыталі тэматычную літаратуру. І зразумела, адно з пытанняў, якое паўстала перад намі, -- гэта кот. Калі малому, да прыкладу, два гады, то пытанне суіснавання жывёлы і дзіцяці паўстае не так востра. А вось што рабіць, калі дома з'яўляецца немаўля? Прызнаюся, спачатку было страшнавата.

Першая праблема, якая паўстае, гэта сон. Каты -- не сабакі: яны бегаюць і скокаюць паўсюль. І тут пытанне нават не ў гігіене. Тут я не замарочвалася. Адразу скажу, што я прытрымліваюся такога дэвізу: у нас дома дастаткова чыста, каб быць здаровым, і дастаткова брудна, каб быць шчаслівым. Таму мыць падлогу з хлоркай перад нараджэннем і апранаць усіх у хірургічныя касцюмы я не збіралася. Тым болей, перад нараджэннем мне патрапіўся фільм хатніх родаў у Францыі, дзе падчас працэсу прысутнічаў кот. Пасля гэтага я супакоілася наконт гігіены. Тым болей, часта ў стэрыльнай больніцы можна падхапіць нейкую бальнічную інфекцыю хутчэй, чым ва ўласным жытле. Так што, калі казаць пра гігіену, то кот наш на вуліцу не ходзіць. Перад родамі мы проста патравілі яму глістоў і памылі. На гэтым усе прыгатаванні ката і скончыліся.

Аднак пытанне, якое нас сапраўды хвалявала, -- гэта пытанне бяспекі. Перад з'яўленнем дзіцяці мы былі ў ілюзіі рэкламаў: нам падавалася, што немаўля будзе спаць у дзіцячым ложку. Аднак у набытым загадзя ложку любіў перыядычна спаць наш кот Юзік. І ніяк мы не маглі адвучыць яго ад гэтай звычкі. Было прачытана вельмі шмат форумаў. Парады, каб выганяць ката ў іншы пакой, нам не падыходзілі. Наш Юзік любіць спаць у ложку з намі ў абдымку. Некаторыя інтэрнэт-карыстальнікі нават прапаноўвалі на дзіцячы ложак класці маскітную сетку, каб кот туды не мог патрапіць. Як жа добра, што нам не хапіла часу на замову такой сеткі! Бо ў рэальнасці ўсё апынулася прасцей, чым можна было меркаваць.



Калі нарадзілася дзіця, то ўжо на трэці дзень у радзільні я вырашыла, што сын будзе спаць са мной. Абмяркоўваць плюсы і мінусы гэтага рашэння -- тэма для зусім іншага артыкула. Таму прымем як факт, што сын спіць са мной. А значыцца, пытанне дзіцячага ложку для нас было не актуальным. А гэта азначае, што кот у тым ложку можа спаць колькі заўгодна. Як радавалася я, што мы не набылі маскітную сетку!

Па вяртанні з радзільні, узнікла пытанне: як жа мы будзем спаць усе разам: я, Стась, кот і муж. Дзіця, якому ўсяго 6 дзён, -- вельмі малое. Тут і так страшылкі з усіх бакоў наконт сумеснага сну. А калі дадаць яшчэ і ката, дык увогуле страшнавата. Перамясціцца ў іншы пакой мужу з катом - таксама не варыянт. Карацей, першыя ночы было вырашана спаць "вальтом". З аднаго боку - муж і кот. З іншага - я і Стась. Таму парада тым, хто абярэ наш варыянт, - да з'яўлення дзіця прывучыць ката спаць з іншым чалавекам (муж, бабуля, іншае дзіця). Удзень усё было проста. Я адпачывала са Стасем. Часам кот прыходзіў і клаўся ў ногі Стасю.



Так мы ўсе ўтрох і спалі. Паступова мы перасталі спаць "вальтом". І змяшчаліся так: усярэдзіне мы, дарослыя, з майго боку - Стась, з боку мужа - кот. Трэба сказаць, што кот не лез да дзіцяці ноччу. Не апраўдаліся страхі, што ён можа легчы на твар (хаця пра падобныя небяспекі кажуць з усіх бакоў). Тут трэба адзначыць, што немаўля - гэта ўсё ж такі жывы чалавек, хоць і вельмі малы, і калі яму нешта перашкаджае, то дзіця пачынае махаць рукамі, варушыцца. Таму тут галоўная мера бяспекі - такая ж, як і для сумеснага сну: не пеленаць дзіця і не апранаць на рукі малому драпалкі. Да таго ж, немаўля не спіць бесперапынна ўсю ноч запар. Прырода адмыслова паклапацілася, каб дзіця прачынался ноччу дзеля ягонай жа абароны. А раз дзіця прачынаецца, то будзеце прачынацца і вы, каб пакарміць і лішні раз праверыць, каб усё было ў парадку.

Яшчэ адна парада: па вяртанні з радзільні трэба звярнуць увагу на ката. У нашым выпадку дзіця ў кватэру ў нас унёс тата. Я ж узяла на рукі ката, паабдымала яго, паразмаўляла з ім. Потым мы пазнаёмілі ката і Стася.

Яшчэ адно пытанне, якое нас хвалявала да нараджэння дзіця, - гэта кіпцюры ката. Мы думалі і варыянты апрануць яму на лапы нешта. Нават адзін раз падрэзалі кіпцюры. Але да таго моманту, як вашае дзіця пачне лезці да ката, пытанне пра кіпцюры - таксама не актуальнае.

Як бачыце, у рэальнасці ўсё аказалася прасцей. І нават зусім малое дзіця і кот вельмі добра сябе адчуваць разам. А калі страхі не зніклі па прачытанні артыкула, узгадайце сваіх сваякоў у вёсцы. Яны ж не пазбаўляюцца ад усіх жывёў па нараджэнні дзіцяці. Усе суіснуюць разам. Больш за тое, раней у беларусаў было прынята перад нараджэннем дзіця класці катоў у люльку, каб нованароджаны быў шчаслівым.


Працяг будзе.

Юлія Сівец

Чытайце таксама:
Радасць для бацькоў і дзяцей: досвед маладой мамы, дзяцей і коткі Кавы
Дети и животные
Откровения одного волонтёра

1 комментарий:

  1. у нас на момант нараджэння сына было 3 каты. калi дзiця пачало спаць з намi, у ложак наважылася прыходзiць толькi адна глухая котка, астатнiя баялiся гэтага новага, маленькага, пiскучага))

    ОтветитьУдалить