08 февраля, 2017

Дэменцыя - магчымая праблема старэння ў жывёлаў

Дэменцыя - устойлівы разлад функцыянальнасці мозгу, які характарызуецца стратай раней набытых ведаў і здольнасцяў, праблемамі з мысленнем. Пра дэменцыю звычайна ўзгадваюць, калі кажуць пра хваробы, якія пагражаюць старым людзям. Ня ўсе, аднак, ведаюць, што і нашыя хатнія гадаванцы ў салідным веку могуць пакутваць ад дэменцыі.

Сімптомы і хада выглядаюць такім сама чынам, як і ў людзей. На сённяшні момант гэты сіндром нельга вылечыць, але развіваецца ён павольна, і гаспадары могуць шмат чаго зрабіць для сваіх хворых жывёлаў.




Тоні – лагодны сталы сабака. Але апошнім часам у яго з’явіліся праблемы. У свае 15 год ён усё часцей выглядае разгубленым падчас шпацыру, хоць дарогу ён добра ведае. Часам ён спрабуе збегчы без яснай прычыны. Калі гаспадыня кліча яго, ён вяртаецца назад і прыціскаецца да яе. За некалькі тыдняў да гэтага з ім сталі праяўляцца нечаканыя праблемы: уночы ён стаў неспакойны, і бязмэтна сноўдаецца з пакою ў пакой. Акрамя таго, часам ён робіць свае туалетныя справы ў кватэры. Магчыма, жывела пакутуе на дэменцыю.

“Гэта праяўляецца ў жывёлаў з узростам”, - тлумачыць ветэрынар Ціла фон Клопман з клінікі ў Хофхайме. У залежнасці ад пароды і памеру сабакі першыя сімптомы могуць з’явіцца ва ўзросце пасьля васьмі гадоў. У катоў такая рызыка таксама ёсць.

Існуе шмат падабенстваў з дэменцыяй у людзей. Таксама ў жывелаў крывяныя бляшкі ў мозгу маюць сваю ролю. І, як і ў людзей, хворыя жывелы губляюць памяць і арыентацыю. Напрыклад, не пазнаюць звыклыя маршруты шпацыру ці знаёмых людзей.  Акрамя таго, змяняецца рытм жыцця. Часта жывелы пачынаюць неспакойна хадзіць вечарам ці ноччу. Цікаўнасць да ўзаемадзеяньня з гаспадарамі, цацкамі і асяроддзем увогуле зніжаецца. Сабакі без прычыны брэшуць, а каты мяўкаюць. Апетыт зніжаецца, і жывелы становяцца неахайныя з туалетам.

Цяжкасці ў пастаноўцы дыягназу

Усё гэта можа быць сімптомамі цэлага шэрагу самых розных праблемаў, да якіх трэба на розны лад і падыходзіць. “У рэшце рэшт, гэта дыягнаставанне метадам выключэння”, - кажа фон Клопман. Як кажуць ветэрынары, многія гаспадары і не распавядаюць пра змены ў паводзінах сваіх гадаванцаў, калі адмыслова не запытвацца – працэс адбываецца паступова, і яны думаюць, што гэта нармальная праява старасці.



Ветэрынар пачынае з агульнага абследвання і распытвае гаспадара падрабязна пра паводзіны сабакі ці ката. У жывёлы бяруць аналізы крыві. Таксама можна зрабіць МРТ мозга. Паводле вынікаў абследвання ветэрынар можа сказаць, ці ёсць адпаведныя прыкметы дэменцыі.

“Увогуле, паставіць дыягназ цяжка”, - распавядае ветэрынар Клаўс Кучман з Магдэбургу. Акрамя таго, гэтая хвароба ў жывёлаў яшчэ і слаба даследаваная. У наш час сабакі і каты жывуць усё даўжэй, адпаведна большую ўвагу атрымліваюць захворванні, што раней нікога не турбавалі. Нягледзячы на тое, што першая праца пра дэменцыю ў сабак была апублікавана ажно 60 гадоў таму, увагай яна не карысталася да нядаўняга часу.

Пачуцце бяспекі і абароненасці

Зараз ёсць шмат даследванняў, прысвечаных гэтай тэме, у першую чаргу, у сабак. Акрамя таго, вядзецца праца над вакцынай (прышчэпкай) супраць хваробы. “Але гэта музыка будучыні”, - кажа фон Клопман.
Як і ў людзей, дэменцыя ў жывел праяўляецца паступова. І існуюць лекі, якія могуць запаволіць развіццё хваробы, напрыклад, прапэнтафілін з чалавечай медыцыны. А гаспадары жывёлаў могуць шмат чаго зрабіць: у першую чаргу, мець разуменне да свайго сабакі ці ката. “Дайце свайму ўлюбенцу пачуцце бяспекі і абароненасці”, - раіць ветэрынар Анэттэ Фах з зааабарончай арганізацыі "Тассо" у Зульцбаху. Сабакам можна дапамагчы новымі заданнямі і заняткамі: напрыклад, новыя маршруты ці новыя цацкі могуць падтрымліваць і стымуляваць актыўнасць мозгу і запаволіць дэгенэратыўныя працэсы.
























Калі кот прывык да свабоднага выгулу, трэба падумаць ці варта працягваць гэтую завядзёнку. З аднаго боку, павялічваецца рызыка, што хвастаты папросту не знойдзе дарогу дадому. З іншага, магчыма, кот будзе пакутваць, калі страціць свой звычайны рытм жыцця. Рашэнне трэба прыняць з улікам рызыкоўнасці асяроддзя.


Крыніца

Комментариев нет:

Отправить комментарий